ТАРУ́НСКІ МІР 1411,
мірны дагавор паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ з другога, падпісаны 1 лют. ў г. Торунь. Завяршыў Вялікую вайну 1409—11. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 Тэўтонскі ордэн рыхтаваўся да рэваншу. Польскі кароль Ягайла і вял. кн. ВКЛ Вітаўт перад пагрозай вайны на 2 фронты (з ордэнам і яго саюзнікам герм. імператарам Зыгмунтам Люксембургскім) пагадзіліся на часовае прымірэнне з Тэўтонскім ордэнам, які паводле Т.м. адмовіўся ад Жамойці і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ (толькі на перыяд жыцця Ягайлы і Вітаўта), а Польшчы вярнуў Добжыньскую зямлю і абавязаўся выплаціць 100 тыс. коп чэш. грошаў. Палавінчаты характар Т.м. абумовіў далейшае нарастанне напружанасці паміж яго ўдзельнікамі і іх падрыхтоўку да новай вайны.
Г.М.Сагановіч.
т. 15, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)